ГВІЯ́НСКАЯ НІЗІ́НА,

прыбярэжная нізіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, у Гаяне, Сурынаме і Франц. Гвіяне. Размешчана ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак., паміж дэльтай р. Арынока і 4° паўн. шыраты. Шыр. да 200 км. Складзена з марскіх і алювіяльных адкладаў; месцамі ўзнімаюцца стараж. крышт. пароды, якія ў рэльефе ўтвараюць астраўныя ўзвышшы. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэдняя т-ра ад 26 да 28 °C, ападкаў да 3300 мм за год. На Пн і Пд пераважаюць вечназялёныя лясы, у цэнтр. ч. — саванны, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, балоты. Плантацыі рысу, цукр. трыснягу; вырошчваюць каву, какаву, трапічную садавіну.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)